Спікер парламента Казахстана раскрытыкаваў заяву расійскага пасла пра русафобію

Некаторыя выказванні пасла Расіі ў Казахстане Аляксея Барадаўкіна на тэму русафобіі ў Рэспубліцы падобныя да заяў палітолагаў, а не дыпламата, якому трэба працаваць на карысць двухбаковых адносін краін, лічыць спікер Мажыліса (ніжняя палата) парламента Казахстана Ерлан Кашанаў.

07.12.2022 / 12:56

ф

Ерлан Кашанаў. Фота: 24.kz

Раней Барадаўкін у інтэрв'ю Sputnik «выказаў заклапочанасць» з нагоды таго, што «радыкальныя нацыяналістычныя тэндэнцыі праглядаюцца ў Казахстане ўсё больш і больш выразна».

Маўляў, інтэрнэт напаўняецца відэасюжэтамі, у якіх «радыкальныя нацыяналісты выступаюць з непрымальнымі патрабаваннямі і русафобскімі лозунгамі». 

«Я ўважліва азнаёміўся з інтэрв'ю спадара Барадаўкіна, некаторыя моманты яго інтэрв'ю, сапраўды, не адпавядаюць яго статусу і не працуюць на карысць. Хоць спадар Барадаўкін вельмі дасведчаны дыпламат, яго даўно ведаем, і ён не павінен прыпадабняцца да прапагандыстаў і палітолагаў», — сказаў Кашанаў у інтэрв'ю тэлеканалу Atameken Business.

Спікер Мажыліса дадаў, што «ксенафобія ёсць і ў Расіі, і ў іншых краінах». «Таму мы павінны сумесна працаваць на карысць нашых краін, нашых дзяржаў, і каб нашы выказванні, выказванні палітыкаў у першую чаргу не наносілі шкоду нашым двухбаковым адносінам», — сказаў ён на заканчэнне.

Nashaniva.com