Ціханоўская на Кіеўскім форуме па бяспецы: Імперыя павінна быць разбураная. Мы павінны разбурыць гэтую турму — разам

Лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская 1 снежня выступіла ў відэафармаце на міжнародным Кіеўскім форуме бяспекі. У сказанай па-беларуску прамове, прэзентаванай як праграмная, яна запэўніла ўкраінцаў у падтрымцы іх суверэнітэту, выказала ўпэўненасць, што толькі дэмакратычная Беларусь здолее надаць гарантыі бяспекі Украіне, і расказала пра беларускія ініцыятывы, арганізаваныя з пачатку вайны.

01.12.2022 / 21:36

«У нашых размовах з украінскімі палітыкамі, дыпламатамі, экспертамі, журналістамі ўсе пагаджаюцца з тым, што падкантрольная імперыялістычнаму Крамлю Беларусь будзе крыніцай пагрозы для вольнай Украіны.

Таму ёсць яснасць у тым, што Украіна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была дэмакратычнай. Без вызвалення Беларусі ад двух дыктатараў Украіна застанецца пад пагрозай рэваншызму імперыі. Толькі дэмакратычная Беларусь здолее надаць гарантыі бяспекі Украіне.

Менавіта праз удзел Лукашэнкі распачалася гэтая агрэсія. Без доступу да Кіева з тэрыторыі Беларусі гэтая вайна не пачалася б увогуле ці выглядала б зусім па-іншаму.

А значыць, вывад Беларусі з вайны стане тым фактарам, які зробіць немагчымым яе працяг для Расіі. Таму нам так крытычна важна дзейнічаць супраць дыктатараў-агрэсараў разам.

Мы ўжо зараз шмат узаемадзейнічаем з украінскімі ўладамі па вырашэнні практычных пытанняў: інфармацыйны абмен, каардынацыя дзеянняў па барацьбе з прапагандай, вырашэнне праблем, з якімі сутыкнуліся беларусы, якія засталіся ва Украіне пасля пачатку вайны.

Я перакананая, што разам урад Украіны і дэмакратычная Беларусь змогуць дамагчыся большага праз каардынацыю, узгадненне, спалучэнне нашых рэсурсаў. Мы стварылі Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі — галоўны выканаўчы орган, чыёй галоўнай задачай сёння з'яўляецца абарона незалежнасці нашай краіны і аднаўленне суверэнітэту.

Болей за тое,

наша супрацоўніцтва над сённяшняй павесткай павінна развіцца ў поўнафарматнае партнёрства пасля перамогі над двума дыктатарскімі рэжымамі. Калі адносіны Беларусі і Украіны не будуць замыкацца толькі на гандлі і інвестыцыях, але будуць заходзіць і ў сферу рэгіянальнай бяспекі, міжнароднай палітыкі і абароны.

Імперыя павінна быць разбураная. Мы павінны разбурыць гэтую турму — разам», — такім быў асноўны змест прамовы Святланы Ціханоўскай.

Nashaniva.com