Брытанская разведка: Удары па энергетыцы Украіны — рэалізацыя стратэгіі па падаўленні волі да супраціву

Ваенная разведка Мінабароны Вялікабрытаніі ўбачыла ў масіраваных ударах Расіі, якія з 10 кастрычніка наносіліся па энергетычнай сетцы Украіны, рэалізацыю канцэпцыі стратэгічнай аперацыі па знішчэнні крытычна важных аб'ектаў, якая, па яе даных, ёсць у расійскай ваеннай дактрыне.

01.12.2022 / 10:17

Верагодна, гэта першы прыклад таго, як Расія спрабуе рэалізаваць канцэпцыю, мяркуюць аўтары штодзённай зводкі брытанскай разведкі.

Расія меркавала, што гэтая канцэпцыя будзе рэалізавана з дапамогай ракет вялікай далёкасці падчас нанясення ўдараў па крытычна важнай нацыянальнай інфраструктуры, а не па Узброеных сілах. Задача — дэмаралізаваць насельніцтва і, у канчатковым выніку, прымусіць лідараў дзяржавы капітуляваць.

Удары Расіі працягваюць выклікаць перабоі з электраэнергіяй, што прыводзіць да масавых гуманітарных праблем па ўсёй Украіне.

Брытанская разведка ставіць пад сумнеў эфектыўнасць гэтай стратэгіі, паколькі, па яе даных, Расія, верагодна, ужо зрасходавала вялікую частку сваіх ракет. А матэрыяльны і псіхалагічны эфект ад удараў, хутчэй за ўсё, будзе меншы, чым калі б яны былі ў пачатковы перыяд вайны, так як украінцы мабілізаваліся, вынікае са зводкі.

Nashaniva.com