Нямецкі Бундэстаг прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа, супраць не галасавалі нават «сябры Пуціна»

Ніжняя палата нямецкага парламента прыняла рэзалюцыю, у якой Галадамор, масавы справакаваны камуністычным кіраўніцтвам СССР голад 1932—1933 гадоў, прызнаецца генацыдам украінскага народа.

30.11.2022 / 23:50

У падтрымку рэзалюцыі выказаліся тры партыі кіроўнай кааліцыі і хрысціянскія дэмакраты. Фракцыі левых і «Альтэрнатыва для Германіі», якія нярэдка выступаюць з пракрамлёўскіх пазіцый, устрымаліся. Супраць не было пададзена ніводнага голасу.

У прынятай рэзалюцыі фармулёўка вельмі асцярожная: «З сённяшняга гледзішча напрошваецца гісторыка-палітычная ацэнка, паводле якой гаворка ідзе пра генацыд. Нямецкі Бундэстаг падзяляе такую ацэнку». Аднак нават яна для нямецкай палітыкі стала сенсацыяй. Бо яшчэ ў 2019 годзе дэпутаты Бундэстага фактычна адмовіліся разглядаць петыцыю аб прызнанні Галадамору генацыдам, заявіўшы, што амаль нічога не ведаюць пра падзеі. Усё змяніла цяперашняя расійская агрэсія супраць Украіны.

Nashaniva.com