Магчыма, іранскія дроны ў Расіі ўжо скончыліся

Расійскія вайскоўцы ўжо больш за два тыдні не запускаюць па Украіне іранскія беспілотнікі. Гэта можа сведчыць аб тым, што першая партыя дронаў ужо скончылася. Пра гэта сказаў прэс-сакратар Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат у эфіры нацыянальнага тэлемарафона.

30.11.2022 / 23:11

Фота ілюстрацыйнае

«Ужо два тыдні мы прыкладна не назіраем (а можа і больш) гэтых іранскіх БПЛА. Верагодна, першая партыя ўжо скончылася», — сказаў Ігнат.

Па яго словах, расіяне выпусцілі па Украіне каля 400 іранскіх дронаў, з іх 340 былі збітыя.

«Была інфармацыя, што Расія ў цэлым замовіла 1 740. Верагодна, цяпер няма магчымасці іх атрымліваць. Магчыма, ідуць працэсы палітычнага характару. На гэта могуць уплываць іншыя краіны», — дадаў Ігнат.

Яшчэ 23 лістапада Ігнат паведамляў, што Расія вычэрпвае запас дронаў-камікадзэ, але яна можа пабудаваць у сябе завод для зборкі гэтых дронаў.

Nashaniva.com