Былога міністра лясной гаспадаркі будуць судзіць за хабар

Як вынікае з раскладу судоў, былога міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу будуць судзіць па ч. 3 артыкула 430 за атрыманне хабару. 

30.11.2022 / 11:38

Суд пачнецца 8 снежня ў Мінскім гарадскім судзе. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў.

Віталь Дрожжа быў прызначаны міністрам у красавіку 2018 года. Вызвалены з пасады міністра лясной гаспадаркі 5 мая «ў сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». 

У красавіку з'явілася інфармацыя пра затрыманне Дрожжы. Афіцыйна яе не пацвярджалі.

Дрожжа нарадзіўся ў 1978 годзе. Пачаў кар'еру звычайным рабочым у Лагойскім лясгасе. У 2006 годзе працаваў галоўным інспектарам аддзела кантрольна-рэвізійнай працы і дзяржаўнага кантролю за лесам Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. З 2008 па 2013 год кіраваў Бабруйскім лясгасам. З 2013 па 2018 год быў гендырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».

Nashaniva.com