Ва Украіне вынеслі суровы прысуд адэсіту, які вёў працу на карысць Расіі

Украінскі суд прысудзіў 15 гадоў турмы мужчыне, які вывесіў у Адэсе расійскі сцяг, а таксама супрацоўнічаў з ФСБ і спрабаваў выкрасці чалавека. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага бюро расследаванняў.

29.11.2022 / 17:53

Плакат, вывешаны ў Адэсе напярэдадні Дня незалежнасці Украіны. Фота: Дзяржаўнае бюро расследаванняў

Як даказаў суд, жыхар Адэсы пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання пачаў весці ў Адэсе падрыўную дзейнасць. 22 жніўня 2022 года ён размясціў на адным з жылых дамоў Адэсы сцяг Расіі з надпісам: «Адэса — рускі горад», а фота перадаў расіянам для выкарыстання ў прапагандысцкіх матэрыялах. Таксама мужчына збіраў і перадаваў інфармацыю аб УСУ і вайсковых аб'ектах у Адэсе, звесткі адносна ўкраінскіх патрыётаў, вербаваў былых украінскіх праваахоўнікаў.

Таксама абвінавачаны, па звестках следства, планаваў выкрасці патрыятычна настроенага прадпрымальніка Адэсы, які займаўся валанцёрскай дзейнасцю, і абсталяваў у падвале катоўню, каб патрабаваць з яго грошы. Куратарам з ФСБ распавядалася, што гэта хочуць зрабіць, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Адэсе, а пасля захопу горада абмяняць прадпрымальніка на расійскіх палонных.

Затрыманне асоб, абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе. Фота: Дзяржаўнае бюро расследаванняў

Адэсіта затрымалі ў канцы верасня. Цяпер яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, калабарацыйнай дзейнасці і выкраданні чалавека.

Nashaniva.com