Энергаатам: Ёсць прыкметы таго, што расійскія вайскоўцы могуць пакінуць Запарожскую АЭС

Прэзідэнт «Энергаатама» Пётр Косцін заявіў у эфіры тэлемарафону, што цяпер яны назіраюць прыкметы таго, што расійскія салдаты могуць рыхтавацца пакінуць Запарожскую атамную электрастанцыю.

27.11.2022 / 18:17

Скрыншот: трансляцыя тэлемарафону

«У апошнія тыдні мы атрымліваем фактычна інфармацыю, што з'явіліся прыкметы таго, што яны, магчыма, збіраюцца пакінуць ЗАЭС.

Па-першае, вельмі шмат стала з'яўляцца публікацый у расійскай прэсе аб тым, што ЗАЭС, магчыма, варта было б пакінуць, магчыма, яе варта перадаць пад кантроль МАГАТЭ. Такое, ведаеце, уражанне, што яны збіраюць чамаданы і што яны крадуць усё, што могуць знайсці», — цытуе Косціна «Украінская праўда».

Разам з тым ён заўважае, што пакуль рана казаць, што расійскія вайскоўцы з'язджаюць з ЗАЭС — яны толькі рыхтуюцца.

Ён таксама адзначыў, што расійскія салдаты замініравалі тэрыторыю станцыі.

Nashaniva.com