Для ўладальнікаў сабак плануюць падняць падатак. Колькі ён будзе складаць

Для ўладальнікаў сабак маюць намер у 2023 годзе перагледзець падаткі ў бок павышэння. Гэта прапісана ў праекце змяненняў у Падатковы кодэкс, піша «Зеркала».

24.11.2022 / 08:17

Гэты збор павінны плаціць тыя, чыім сабакам больш за тры месяцы. Яго трэба ўносіць адзін раз у тры месяцы. Цяпер стаўка гэтага збору складае 9,3 рубля, а за патэнцыйна небяспечныя пароды сабак — 46,5 рубля.

Праектам змяненняў у Падатковы кодэкс прадугледжана, што памеры гэтых збораў могуць вырасці да 11,1 рубля і 55,5 рубля адпаведна.

Каб плаціць падатак за сабаку, яе трэба зарэгістраваць. Гэта можна зрабіць у ЖЭУ па месцы жыхарства. Рахунак за ўтрыманне сабакі выстаўляюць у жыроўках на аплату камунальных паслуг.

За нявыплату падатку за валоданне сабакамі, як і любога іншага падатку, можна атрымаць штраф. Калі не зарэгістраваць, можна атрымаць штраф да 15 базавых, або 480 рублёў.

Падатковыя змены яшчэ не прынятыя. Пры гэтым зацверджаны канчатковы варыянт правак чыноўнікаў у Падатковы кодэкс можа адрознівацца ад папярэдніх версій правак у гэты дакумент.

Nashaniva.com