Зяленскі: Расія хоча не міру, а перадышкі

Прэзідэнт Украіны ўпэўнены, што Масква хоча дамагчыся «перадышкі» ў баявых дзеяннях, а не заканчэння канфлікту. 

19.11.2022 / 15:29

Фота: President.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што Расія не хоча міру, а «кароткатэрміновага перамір'я», «перадышкі» ў баявых дзеяннях для аднаўлення сіл. Аб гэтым ён заявіў у ходзе анлайн-выступлення на міжнародным форуме па бяспецы ў Галіфаксе.

На думку Зяленскага, «некаторыя могуць назваць гэта канцом вайны, але такая перадышка толькі пагоршыць сітуацыю». Ён заявіў, што саступкі ў пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці або суверэнітэту Украіны і іншыя «амаральныя кампрамісы» не прывядуць да міру, дасягнуць яго можна толькі ў выніку «поўнага дэмантажу ўсіх элементаў расійскай агрэсіі».

Зяленскі нагадаў, што ва ўкраінскай «формуле міру», якую ён прадставіў удзельнікам саміту G20, дзесяць пунктаў, у тым ліку вывад расійскіх войскаў, вызваленне ўсіх палонных, энергетычная, харчовая і ядзерная бяспека.

«Гэта выклікі, якія неабходна пераадолець для бяспекі Украіны, Еўропы і свету. <…> Гэта адзіны шлях да сапраўднага міру», — перакананы ён.

Nashaniva.com