Дырэктар ЦРУ ўчора сустрэўся з Зяленскім. Ён заспеў ракетны налёт

Дырэктар ЦРУ Уільям Бернс учора знаходзіўся ў Кіеве і сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім, напісала Washington Post.

16.11.2022 / 08:43

У Кіеве Бернс «умацаваў прыхільнасць ЗША ў аказанні падтрымкі Украіне ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі», — паведаміла выданню крыніца ў адміністрацыі ЗША.

Напярэдадні кіраўнік ЦРУ быў у Турцыі, дзе праводзіў сустрэчу з шэфам расійскай разведкі Сяргеем Нарышкіным.

Падчас ракетнага абстрэлу Кіева Бернс знаходзіўся ў будынку амерыканскага пасольства. Суразмоўца газеты не звязвае ўчорашні ракетны ўдар па Украіне з візітам Бернса.

Nashaniva.com