На ўдзельнікаў «Саюза Беларускага нацыянальнага шчыта» завялі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ўсе затрыманыя «аб'ядналіся ў тэлеграм-групе, якая на пачатку лістапада прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем». 

15.11.2022 / 11:49

«Устаноўлена, што фігуранты, трое з якіх непаўналетнія, пачынаючы з 2020 года адміністравалі чатыры TikTok акаўнты і два тэлеграм-каналы. На названых рэсурсах публікавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю і падрыхтоўку масавых беспарадкаў, супраціўленне супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Затрыманыя аб'ядналіся ў тэлеграм-групе, якая ў пачатку лістапада прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. Яны павінны былі знаходзіць выканаўцаў для знішчэння аб'ектаў інфраструктуры і арганізацыі нападаў на праваахоўнікаў», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

У міліцыі адзначылі, што 17-гадовы жыхар Касцюковічаў раней быў судзімы за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Старэйшы з затрыманых, 26-гадовы «нацыяналіст са Смаргоні», мае судзімасці за крадзеж і ўгон. А 18-гадовы жыхар Буда-Кашалёва збіраўся адправіцца ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях.

Nashaniva.com