Айцішніцу са Ждановічаў асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд 32-гадовай супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Яе абвінавацілі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».

14.11.2022 / 09:37

Справу разглядала суддзя Юлія Шут.

Пра затрыманне жыхаркі Ждановічаў стала вядома 12 жніўня. Тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Паводле іх, у 2020-ым годзе дзяўчына прымала ўдзел у акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту. На «пакаяльным відэа» Анастасію прымусілі нават назваць свой заробак.

Па матэрыялах абвінавачання, «яна выкарыстоўвала ў якасці пратэснай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру, рухалася па праезнай частцы праспекта Незалежнасці ў Мінску, блакавала і загароджвала дарогу транспартным сродкам, што прывяло да парушэння працы грамадскага транспарту».

На судзе сваю віну прызнала, паведаміла, што лозунгаў не выкрыквала, а падчас удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пры сабе мела сцяг, па якім яе і апазналі пазней на фотаздымку.

Суд прызначыў Анастасіі Гунько пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады, вызваліўшы з-пад арышту ў зале суда.

Nashaniva.com