Мінчука тры разы лавілі за рулём без правоў. У выніку на яго заведзеная крымінальная справа

На разгляд у суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да 27-гадовага мужчыны, якога абвінавачваюць у неаднаразовым кіраванні транспартным сродкам без правоў, паведамляюць Мінск-навіны.

14.11.2022 / 08:50

У жніўні 2021 г. на трасе Мінск — Віцебск супрацоўнікі ДАІ спынілі маладога чалавека за рулём «Рэно Меган». Як высветлілася, ён быў без вадзіцельскіх дакументаў, за што яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і пакаралі штрафам у 5 базавых велічынь (160 рублёў).

Праз два месяцы інспектары ДПС на вул. Казінца зноў яго затрымалі без правоў — у дачыненні да парушальніка склалі пратакол і выпісалі штраф ужо ў 25 базавых велічынь.

Аднак ён высноў не зрабіў і наступным разам сеў за руль ужо ў стане алкагольнага ап'янення. Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго на праспекце Незалежнасці.

У выніку ў дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 317-2 КК Рэспублікі Беларусь, якая ўжо перададзена для разгляду ў суд. Яму пагражае да двух гадоў зняволення.

Nashaniva.com