У Мазыры частку вуліцы Камсамольскай хочуць перайменаваць у гонар Філарэта, гараджане супраць

Мазырскі раённы савет дэпутатаў абвясціў правядзенне грамадскіх слуханняў аб перайменаванні часткі вуліцы Камсамольскай. Яе плануюць перайменаваць у гонар Мітрапаліта Філарэта. Але ў адказ гараджане запусцілі петыцыю «Супраць перайменавання завулка ў гонар Мітрапаліта Філарэта», паведамляе «Гомель Штодзень».

09.11.2022 / 17:14

Ініцыятары петыцыі звяртаюць увагу, што «Мітрапаліт Філарэт не мае ніякага дачынення да Мазыра, яго гісторыі, культуры, развіцця. Ён нарадзіўся ў Маскве».

Замест гэтага жыхары горада прапаноўваюць назваць завулак Міхайлаўскім — так, як ён называўся некаторы час таму.

Перайменаваць частку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Філарэта прапанавала тапанімічная камісія Мазырскага райвыканкама. Чыноўнікі лічаць, што «неабходна ўвекавечыць памяць мітрапаліта за ягоны шматгадовы ўнёсак у духоўнае адраджэнне беларускага народа, развіццё міжканфесійнага дыялогу».

Нядаўна, дарэчы, Гомельскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб перайменаванні ў гэтым горадзе вуліцы Крапоткіна. Таксама рашэнні аб ушанаванні памяці Філарэта прымаюцца ў іншых гарадах — гэта кампанія, якую запусцілі зверху.

Чытайце таксама:

У Слуцку хутка адкрыюць помнік мітрапаліту Філарэту

Вуліцу Крапоткіна ў Гомелі пераймянуюць у вуліцу Мітрапаліта Філарэта

Nashaniva.com