Шыкоўнай кватэрай прэс-сакратара расійскага Мінабароны афіцыйна валодаюць адразу дзве «Расійскія Федэрацыі» 

Расійскі рэсурс «Можем объяснить» заўважыў, што Федэральная служба кадастра сарамліва схавала звесткі пра 96-метровую кватэру прэс-сакратара расійскага Мінабароны Ігара Канашэнкава, якая размяшчаецца ў элітным маскоўскім жылым комплексе «Смаленская застава». 

08.11.2022 / 00:07

Плошча кватэры цалкам супадае з той, што была пазначаная ў дэкларацыі прэс-сакратара Мінабароны — 95,6 квадратнага метра. Сам Канашэнкаў пазначыў у дакументах, што валодае кватэрай разам са сваім дзіцём — відаць, сумесна з дачкой Арынай, якая замаўляла на гэты адрас ежу.

Аднак гэтую інфармацыю Расрэестр старанна хавае. У выпісцы, атрыманай каналам «Можем объяснить», прозвішчы ўладальнікаў замененыя словамі «Расійская Федэрацыя», прытым гэтых «Расійскіх Федэрацый» нават дзве: кватэра падзеленая паміж імі ў 2015 годзе.

Мяркуючы па цэнах у ЖК «Смаленская застава», кватэра Канашэнкавых можа каштаваць ад 70 да 90 млн рублёў, прытым што за год да яе пакупкі цяперашні прэс-сакратар Мінабароны зарабіў усяго 4,1 млн рублёў.

Ігар Канашэнкаў стаў прэс-сакратаром Мінабароны ў 2011 годзе. Пасля ўварвання ва Украіну ён праводзіць рэгулярныя брыфінгі аб поспехах «спецаперацыі», і яго рэгулярна ловяць на цынічнай і не надта прыхаванай хлусні.

Nashaniva.com