Прыгожын стварае «цэнтры падрыхтоўкі апалчэнцаў» на мяжы з Украінай

Прыватная ваенная кампанія «Вагнер», якой кіруе Яўген Прыгожын, абвясціла пра стварэнне цэнтраў падрыхтоўкі і кіравання «народным апалчэннем» у Курскай і Белгародскай абласцях.

06.11.2022 / 14:01

Па словах Прыгожына, «апалчэнне» павінна складацца з жыхароў гэтых абласцей, а да забеспячэння фарміраванняў трэба прыцягваць мясцовы бізнэс. «Цэнтры падрыхтоўкі» будзе фінансаваць сам Прыгожын.

«Калі ты ўладальнік невялікага завода, на якім працуе 100 чалавек, і з іх 50 — палаваспелыя самцы, то 25% павінны несці службу ў акопах, а 75% працягваць сваю працоўную дзейнасць. І так па чарзе — адзін тыдзень у акопах, тры дома і на вытворчасці».

Таксама Прыгожын прапанаваў у якасці заахвочвання «за грамадзянскую пазіцыю» ўзнагароджваць высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі прадпрыемствы, якія будуць прадастаўляць добраахвотнікаў.

Па словах Прыгожына, «у акопах усе павінны стаяць са зброяй, але яе нашэнне павінна быць забаронена ў населеных пунктах і па-за лініяй абароны».

Nashaniva.com