Па справе аб пажары ў кафэ ў Кастраме затрымалі двух чалавек

Па крымінальных справах аб пажары ў кафэ «Палігон» у Кастраме затрымалі двух чалавек. Пра гэта паведамляе Следчы камітэт Расіі.

05.11.2022 / 19:28

23-гадовы мужчына, які выкарыстоўваў піратэхніку, з-за якой, як мяркуецца, пачалося ўзгаранне, затрыманы ў якасці падазраванага па справе аб прычыненні смерці па неасцярожнасці (частка 3 артыкула 109 КК Расіі).

Афіцыйна яго імя не называецца. Паводле звестак Baza, гэта вайсковец Станіслаў Іонкін. У жніўні ён вярнуўся з Украіны, дзе атрымаў раненне, а ў Кастраму прыехаў на медкамісію.

Другой затрыманай стала дырэктар ТАА «Імперыя», якая арганізоўвала працу кафэ. Яна з'яўляецца падазраванай па справе аб аказанні паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі (частка 3 артыкула 238 КК Расіі).

Пажар у кафэ «Палігон», які належыць мясцоваму дэпутату, адбыўся ў ноч на суботу, 5 лістапада, калі ва ўстанове знаходзіліся сотні людзей. У выніку ўзгарання загінулі 13 чалавек. Пажар тушылі пяць гадзін, у будынку абрынуўся дах на плошчы 3,5 тысячы квадратных метраў.

Nashaniva.com