Краіны G7 заклікалі Лукашэнку не ўцягваць Беларусь у вайну і паабяцалі «непасільныя дадатковыя выдаткі»

Міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» заклікалі Аляксандра Лукашэнку спыніць падтрымліваць расійскую вайну і не ўцягваць у яе Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках іх сумеснага пасяджэння 4 лістапада ў нямецкім Мюнстары, піша «Еўрапейская праўда».

05.11.2022 / 10:53

Падчас сустрэчы ў Мюнстары. Фота: tagesschau.de

«Мы зноў заклікаем беларускія ўлады спыніць спрыяць расійскай агрэсіўнай вайне, у тым ліку дазваляць расійскім Узброеным сілам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для запуску ракет, накіраваных на Украіну.

Калі беларускія ўлады будуць яшчэ больш наўпрост уцягваць Беларусь у вайну Расіі, G7 накладзе на рэжым непасільныя дадатковыя выдаткі», — гаворыцца ў заяве.

У заяве адзначаецца, што краіны G7 працягнуць накладаць эканамічныя санкцыі на Расію і іншыя краіны, фізічных або юрыдычных асоб, якія аказваюць ваенную падтрымку агрэсіўнай вайне Масквы. Некаторыя ўжо аказалі такую падтрымку — напрыклад, Іран, які даў Расіі беспілотныя лятаючыя апараты.

Nashaniva.com