Маск канчаткова вызначыўся з цаной за сінюю птушачку ў твітары

Twitter будзе спаганяць па 8 даляраў у месяц за паслугу Blue, якая ўключае ў сябе сінюю птушачку — значок «профіль пацверджаны». Пра гэта паведаміў новы кіраўнік Twitter Ілан Маск. Такім чынам, ён спадзяецца павялічыць колькасць падпісак і зрабіць сацыяльную сетку менш залежнай ад рэкламы.

02.11.2022 / 08:48

Гэта рашэнне ён прыняў пасля таго, як пазнаёміўся з працэсам верыфікацыі профілю і прадастаўлення карыстальнікам сініх птушачак. Раней Twitter даваў іх толькі абраным профілям на аснове ўласных крытэрыяў.

Блакітная птушачка каля імя карыстальніка азначае, што Twitter пацвердзіў, што ўліковы запіс належыць асобе або кампаніі. Зараз Twitter бясплатны для большасці карыстальнікаў.

Маск заявіў, што абаненты з блакітнымі птушачкамі будуць мець прыярытэт у адказах, згадках і пошуку, а таксама змогуць публікаваць больш доўгія відэа і аўдыя. Акрамя таго, яны будуць бачыць у два разы менш рэкламы.

Nashaniva.com