У Іране памёр «самы брудны чалавек у свеце», памыўшыся першы раз за 60 гадоў

У Іране памёр самотнік Аму Хаджы, які не мыўся больш за 60 гадоў і курыў люльку, набітую экскрэментамі жывёл. Чалавек, якога называлі «самым брудным чалавекам у свеце», памёр у вёсцы Дэйга ў паўднёвай правінцыі Фарс. Яму было 94 гады, паведамляе The Guardian са спасылкай на іранскае дзяржаўнае інфармагенцтва IRNA. Некалькі месяцаў таму аднавяскоўцы Аму Хаджы ўгаварылі яго памыцца ўпершыню за доўгі час.

25.10.2022 / 22:02

У 2014 годзе Аму Хаджы расказаў журналістам выдання Tehran Times, што перажыў «эмацыйныя няўдачы ў маладосці», праз што адмовіўся мыцца. Мужчына жыў у шлакаблочнай халупе і не мыўся з вадой і мылам больш за 60 гадоў.

Хаджы еў збітых на дарозе жывёл, піў нясвежую ваду, курыў люльку, напоўненую экскрэментамі, і лічыў, што мыццё зробіць яго хворым.

Фота: AFP

На фотаздымках бачна, што цела Аму Хаджы было пакрыта сажай.

У мужчыны не было сям'і, але аднавяскоўцы імкнуліся клапаціцца пра яго. Некалькі месяцаў таму яны ўгаварылі Аму ўпершыню за 60 гадоў памыцца, а 23 кастрычніка мужчына памёр.

Нядаўна мужчыну ўгаварылі прыняць душ упершыню за 60 гадоў

Пасля смерці Хаджы неафіцыйным «рэкардмэнам» у ягонай намінацыі можа стаць Кайлаш «Калаў» Сінгх з Індыі, які таксама не мыўся больш за 30 гадоў.

Nashaniva.com