Канцэрт-прэзентацыя новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя» адбудзецца ў Варшаве 30 кастрычніка

Літаратурна-музычная вечарына прымеркаваная да Ночы паэтаў — міжнароднай акцыі памяці. Сёлета — 85-я гадавіна гэтай трагічнай даты. У імпрэзе прымуць удзел укладальнік кнігі Сяргей Будкін, драматург Васіль Дранько-Майсюк, акторка Алена Баярава, музыка Алесь Дзянісаў, музычныя праекты Chornabrova і Relikt.

24.10.2022 / 21:29

На канцэрце-прэзентацыі будуць гучаць проза Міхася Зарэцкага і фельетоны Анатоля Вольнага, вершы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Валеры Маракова — творцаў, фізічна знішчаных рэжымам у 1937 годзе, але чые радкі, чый стваральны дух жывуць і сёння.

Кніга «(Не)расстраляныя», дзе сабраныя гісторыі жыцця, выбраныя творы і архіўныя здымкі беларускіх пісьменнікаў, што былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам, пабачыла свет у лютым 2021 года ў мінскім выдавецтве «Янушкевіч». Тады ў продаж паступіла ўсяго 100 асобнікаў.

Гэты выдавецкі праект быў названы экспертамі «Кнігай году» у жанры non-fiction, а таксама атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча, што ўручаецца Беларускім ПЭН-цэнтрам за найлепшыя публіцыстычныя выданні.

Выходзіць ужо другое выданне «(Не)расстраляных». На гэты раз — у беластоцкім выдавецтве Kamunikat.

Імпрэза адбудзецца ў Музеі Вольнай Беларусі (Foksal, 11) 30 кастрычніка а 18.00 па мясцовым часе. Уваход вольны!

Nashaniva.com