МНС: У мінскім метро ў выпадку небяспекі могуць схавацца 112 тысяч чалавек

У Беларусі на фоне вайны ва Украіне, у якой наша краіна выступае як саюзніца Расіі, праходзіць праверка аб'ектаў грамадзянскай абароны. Не застаўся ў баку і Мінскі метрапалітэн, які ў сувязі з гэтым выдаў адпаведныя матэрыялы на сваіх інфармацыйных рэсурсах.

24.10.2022 / 18:50

Мінскі метрапалітэн нагадаў, што метро — гэта яшчэ і «аб'ект грамадзянскай абароны», які можа выкарыстоўвацца як бамбасховішча — у выпадку рызыкі хімічнага, біялагічнага або радыяцыйнага заражэння. Адзначаецца, што «людзі могуць размяшчацца на платформах станцый, у цягніках і ў тунэлях (калі знята напружанне з кантактнай рэйкі)». У Мінскім метрапалітэне адпрацоўваюць дзеянні ў надзвычайных сітуацыях, правяраюць «адпаведныя сістэмы».

Ратавальнікі, па інфармацыі Мінскага метрапалітэна, падлічылі, што ў мінскім метро могуць схавацца ў выпадку патрэбы 112 тысяч чалавек (з 2 мільёнаў жыхароў).

Nashaniva.com