Жыхара Пінска ў Гродне асудзілі на два гады за каментары

21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна агучаны вырак жыхару Пінска Паўлу Малітвіку. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

22.10.2022 / 14:26

Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым кампенсацыю маральнай шкоды: 1000 рублёў — Андрэю Комару, 1500 рублёў — Віктару Казлоўскаму. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў маі 2020 года ён напісаў два каментары, якія абразілі супрацоўнікаў гродзенскай міліцыі. За каментар у бок Казлоўскага дзяржабвінавачанне папрасіла пакараць Малітвіка 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем на «хімію», а за выказванне ў бок Комара — двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Канчатковае пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі атрыманае шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім.

Вядома, што Паўла Малітвіка затрымалі 2 верасня 2022 года.

Nashaniva.com