У Гродне выпусцілі маляваную карту славутасцяў горада «для чайнікаў»

Папяровая карта з асноўнымі славутасцямі Гродна выйшла ў гродзенскай друкарні «ЛітАРы». У складзеным выглядзе карта — памерам са смартфон і лёгка змяшчаецца ў кішэню, піша Hrodna.life.

21.10.2022 / 16:06

Кішэнная карта Гродна «для чайнікаў». Фота: Hrodna.life

На першай старонцы разам з самой картай месціцца спіс з 31 аб’екта. На адгорце — 14 фотаздымкаў гродзенскіх славутасцяў. Больш не сталі размяшчаць, каб не рабіць іх занадта малымі. Сама карта ахоплівае гістарычны цэнтр горада.

 Фота: Facebook Ірыны Варкулевіч

Чаму вырашылі рабіць папяровую карту ў час электронных, Hrodna.life расказаў дызайнер карты, Ігар Варкулевіч.

«На рэсэпшэнах ва ўсіх еўрапейскіх гатэлях да сённяшняга дня ляжаць мапы горада і гэта вельмі зручна, узяў і пайшоў (самі так пастаянна робім, каб прыблізна сарыентавацца). Гэта, зразумела, не адмяняе святога гугла».

Фота: Facebook Ірыны Варкулевіч

Да таго ж турыстам сталога ўзросту не трэба нічога лішняга, і папяровая карта пасуе ім лепш, мяркуе Ігар. Ён адзначыў, што і ў гэтай карты таксама можа быть электронная версія.

Ідэя карты належыць друкарні. Яе планавалі зрабіць да турыстычнага сезону, але не паспелі. Таму наклад пакуль не распаўсюджваецца, магчыма будзе ў наступным сезоне, расказалі ў друкарні.

Nashaniva.com