Выкладчык з Пінска паўдзельнічаў у «міліцэйскай спецаперацыі», і гэта яму выйшла бокам

Чарговай ахвярай тэлефонных махляроў стаў 65-гадовы выкладчык з Пінска. Мужчына звярнуўся ў міліцыю з просьбай вярнуць пазычаныя ім грошы. Аказалася, што ён думаў, нібыта памагаў сілавікам выяўляць зламыснікаў, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

20.10.2022 / 20:46

Фота ілюстрацыйнае

Было ўстаноўлена, што пінчуку ў Viber неаднаразова паступалі званкі ад невядомых, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі банка, міліцыі, Следчага камітэта. «Супрацоўнікі» нібыта задзейнічалі яго ў спецаперацыі па выяўленні карумпаваных банкіраў, якія падманваюць грамадзян.

Кіруючыся інструкцыямі ад невядомых асоб, выкладчык усталяваў на мабільны тэлефон спецыяльную праграму «AnyDesk». З яе дапамогай ашуканцы адсочвалі і кантралявалі ўсе дзеянні мужчыны, у тым ліку даведаліся канфідэнцыйную інфармацыю пра ягоны банкаўскі рахунак.

Галоўнае ж — пінчука пераканалі аформіць крэдыты ў трох розных банках на агульную суму 52 850 рублёў. Пасля атрымання грошай па крэдытах мужчына перавёў грошы на банкаўскі рахунак тэлефонных махляроў, а пасля спісання грошай з рахунку «супрацоўнікі» перасталі выходзіць на сувязь.

Тым не менш, мужчына да апошняга верыў, што меў зносіны з сапраўднымі супрацоўнікамі міліцыі і Следчага камітэта.

Nashaniva.com