Прысуд палітзняволенаму журналісту Сяргею Сацуку вынесуць 26 кастрычніка

У Мінскім гарадскім судзе 19 кастрычніка працягваўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенага журналіста Сяргея Сацука. Справу журналіста разглядае суддзя Святлана Бандарэнка, якая адправіла за краты журналіску Tutby Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра смерць Рамана Бандарэнкі, паведамляе «Вясна».

20.10.2022 / 10:46

Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. 

Журналіста вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).

Падставай для пераследу журналіста на думку калегаў Сацука, з'явіліся гучныя расследаванні, якія перадусім тычыліся маштабнай карупцыі ў медыцынскай галіне. На падставе здабытых фактаў ён расказаў пра беспрэцэдэнтныя «адкаты» за пастаўку дарагога абсталявання; закупку незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабоўвалі на беларускіх дзецях; фальсіфікацыю лічбаў распаўсюду COVID-19 у Беларусі. І ўсё гэта пры ўхваленні кантрольнага ведамства — Міністэрства аховы здароўя. 

19 кастрычніка на працэсе з удзелам Сяргея Сацука адбыліся фармальныя спрэчкі бакоў, якія ў палітычных працэсах звычайна маюць не самае прынцыповае значэнне. Да таго больш за тры тыдні суддзя Святлана Бандарэнка вывучала матэрыялы следства і заслухоўвала сведкаў.

Пракурор запрасіў восем гадоў зняволення.

Як расказалі службе маніторынгу БАЖ сваякі Сяргея Сацука, агалошванне прысуду прызначанае на 26 кастрычніка ў адкрытым фармаце. І дадаюць, што на юрыдычны цуд з апраўдальным вынікам суда пры такім наборы крымінальных артыкулаў разлічваць наўрад ці даводзіцца. Адзінае, што на нейкіх незразумелых для шырокай грамады момантах падазраваны ў «злачынствах» журналіст зможа засяродзіцца ў сваім апошнім слове.

Nashaniva.com