Жыхару Бабруйска далі 15 сутак за лампадкі колераў украінскага сцяга каля помніка ахвярам рэпрэсій

Вячаслава Букаса ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў, паведамляе «Вясна».

18.10.2022 / 13:59

Вячаслаў Букас быў затрыманы 9 верасня. Падставай для затрымання сталі дзве блакітныя і дзве жоўтыя лампадкі, якія мужчына запаліў і паставіў каля помніка «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій». У пратаколе па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) пазначана, што такім чынам Букас «выказваў сваё грамадска-палітычнае меркаванне да Дня незалежнасці Украіны». Сваю віну мужчына прызнаў.

Вядома, што міліцыянты правялі дактыласкапічную экспертызу — на лампадках знайшлі адбіткі пальцаў Вячаслава. Фота з лампадкамі 24 жніўня былі апублікаваныя ў тг-канале «Бобруйск Online». Гэтыя фота знайшлі і ў тэлефоне мужчыны.

Таксама быў дапытаны сведка, які распавёў, што асабіста бачыў, як Букас падпальвае лампадкі.

У выніку суддзя Алена Гормаш 12 верасня прызнала Букаса вінаватым у «пікетаванні» і арыштавала яго на 15 сутак.

Nashaniva.com