FT: Украіна можа ўзяць Херсон ужо на наступным тыдні

Херсонскі гаўляйтар просіць дапамогі Расіі ў эвакуацыі мірных жыхароў. Гэта сведчыць пра тое, што ўкраінцы блізкія да дэакупацыі рэгіёна, піша FT.

14.10.2022 / 11:00

За апошнія тыдні ўкраінскія войскі прасунуліся на паўднёвым фронце, вярнуўшы частку акупаванай Херсоншчыны.

Украінская армія прарвала расійскую лінію фронту пад Херсонам на пачатку месяца, прызнала ў той час Міністэрства абароны Расіі, што стала самым буйным прасоўваннем Украіны на поўдні з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Масквы ў лютым. З таго часу Украіна адваявала значныя тэрыторыі на захад ад Дняпра.

Паўднёвае аператыўнае камандаванне Украіны ў чацвер заявіла, што вызваліла з-пад кантролю Расіі яшчэ пяць населеных пунктаў у Херсонскай вобласці і знішчыла расійскі пункт кіравання і дзве буксіруемыя гаўбіцы.

Паводле ацэнак заходніх вайскоўцаў, Украіна можа ўзяць Херсон да Дняпра ўжо на наступным тыдні.

Гаўляйтар вобласці Сальда сказаў, што эвакуацыя была прызначаная для абароны людзей ад абстрэлаў, і дадаў, што ў цэнтры ўвагі былі сем'і з дзецьмі, якія з'едуць «адпачыць і вучыцца».

Заклік аб дапамозе ў эвакуацыі сем'яў паказвае, што Расія, магчыма, рыхтуецца да вырашальнай бітвы за горад.

Nashaniva.com