Расійскі канал: «Калі ўкраінцы не захочуць станавіцца рускімі, мы іх заб'ём. Колькі трэба, столькі і заб'ём, мільён, пяць мільёнаў, хоць усіх»

У тэлеграм-канале «Vоенкор Котенок» з'явілася гутарка з прыхільнікам «рускага свету», былым «народным губернатарам» Данецка Паўлам Губаравым. На канале яго прадставілі як «рускага добраахвотніка, стралка».

11.10.2022 / 15:04

Губараў распавядае, пра тое, што ўкраінцы — «гэта рускія людзі, у якіх усяліўся д'ябал».

«Мы ідзём не забіваць іх, мы хочам іх пераканаць. Але калі вы не хочаце, каб мы вас пераканалі, мы вас заб'ём. Колькі спатрэбіцца — заб'ём мільён, пяць мільёнаў, хоць усіх, пакуль вы не зразумееце, што вы — шалёныя, і вам трэба лячыцца», — кажа ён.

Паводле сепаратыста, «самы галоўны шалёны — гэта Зяленскі».

Прэзідэнта Украіны ён называе «шалёны вырадак, Гітлер 2.0, з махровым нацыяналізмам, махровай русафобіяй».

«Нам трэба паказваць такую рашучасць, каб яны зразумелі, што нягледзячы ні на якія ахвяры, мы пойдзем да канца, мы пераможам у гэтай вайне», — гаворыць Губараў.

«Vоенкор Котенок» — гэта прапагандысцкі расійскі тэлеграм-канал з вялікай аўдыторыяй, які фінансуецца дзяржавай.

Nashaniva.com