ISW: Іранскія дроны-камікадзэ — не «Хаймарсы» і на ход вайны істотна не паўплываюць
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай зводцы піша, што выкарыстанне Расіяй іранскіх дронаў не дае ёй эфекту, параўнальнага з тым, што аказалі на ход вайны ракетныя ўстаноўкі HIMARS, якія з'явіліся ва ўкраінскай арміі.
07.10.2022 / 08:28
Дрон-камікадзэ на вучэннях у Іране. Фота: АР
«Расійская армія, падобна, не спрабуе асіметрычна канцэнтраваць удары гэтых дронаў на вузлавых пунктах паблізу фронту. Яны запусцілі шмат дронаў па неваенных цэлях у тыле, верагодна, спадзеючыся шляхам тэрору дамагчыся нелінейнага эфекту. Гэтыя дзеянні поспеху не прыносяць», — піша ISW.
Украінцы, атрымаўшы летам амерыканскія «Хаймарсы», сталі выкарыстоўваць іх дакладныя і дальнабойныя ракеты для ўдараў перш за ўсё па складах боепрыпасаў, камунікацыях і штабах у тыле расіян і, як лічаць ваенныя эксперты, шмат у чым дзякуючы гэтаму здолелі пераламаць сітуацыю на франтах.
Выкарыстанне ж Расіяй беспілотных лятаючых апаратаў іранскай вытворчасці не прыводзіць да асіметрычных эфектаў, як гэта адбылося з выкарыстаннем Украінай прадастаўленых ЗША сістэм HIMARS, і наўрад ці істотна паўплывае на ход вайны.
Паводле звестак украінскага Генштаба Украіны, расійскія войскі выкарысталі 86 іранскіх беспілотнікаў Shahed-136 супраць Украіны, 60% з якіх украінскія сілы знішчылі.
Калі сцвярджэнні ананімнага супрацоўніка амерыканскай выведкі ў канцы жніўня былі верныя, то Іран, хутчэй за ўсё, прадаставіў Расіі «сотні» беспілотных лятальных апаратаў, а Расія выкарыстала ўжо значную частку дронаў.