Беларусь атрымае 1,5 мільярда даляраў ад Еўразійскага банка развіцця

Беларусь як удзельнік Еўразійскага банка развіцця атрымае ў 2022-2026 гадах фінансаванне ў памеры 1,5 млрд даляраў ад банка пад канкрэтныя праграмы. Пра гэта заявіў старшыня праўлення ЕАБР Мікалай Падгузаў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам.

05.10.2022 / 18:29

У ходзе сустрэчы Галоўчанка адзначыў, што ўсе папярэднія дамоўленасці Беларусі і ЕАБР выкананыя ў поўным аб'ёме, а сёння гаворка ідзе аб нарошчванні інвеставання банкам беларускай эканомікі. Галоўчанка таксама паведаміў, што Беларусь гатовая прапанаваць ЕАБР для фінансавання спецыяльна адабраныя праекты. І выказаў упэўненасць, што яны выклічуць цікавасць у банка.

Са свайго боку, Мікалай Падгузаў нагадаў, што Беларусь — паўнапраўны ўдзельнік банка, а згодна з краінавай стратэгіяй ЕАБР да 2026 года прадугледжана выдзяленне Рэспубліцы інвестыцый у памеры 1,5 млрд даляраў. Кіраўнік ЕАБР запэўніў: «Увага да нашага беларускага акцыянера будзе самая высокая».

Для параўнання: Арменія, Кыргызстан і Таджыкістан атрымаюць ад банка сумарна 0,5 млрд даляраў, а Расія і Казахстан — па 3,8 млрд даляраў.

Nashaniva.com