На Урале памерлі трое мабілізаваных

Расія працягвае несці страты, але цяпер байцы нават не паспяваюць трапляць на фронт.

03.10.2022 / 14:31

У Яланскім гарнізоне навучальнага цэнтра Мінабароны Расіі ў пасёлку Парошына Свярдлоўскай вобласці памерлі трое мужчын, прызваных у войска падчас мабілізацыі. Пра гэта паведамляе выданне ЕАН са спасылкай на крыніцу і дэпутата Дзярждумы ад рэгіёна Максіма Іванова.

«Так, пацвярджаю, ужо трое загінулых. Адзін мабілізаваны памёр ад прыступу, а другі здзейсніў самагубства. Трэцяга спісалі і адправілі дадому, дзе ён адразу памёр ад цырозу печані», — заявіў журналістам дэпутат.

Раней тэлеграм-каналы паведамлялі, што 1 кастрычніка ў сталовай навучальнага танкавага цэнтра вайсковай часткі ў свярдлоўскім пасёлку Парошына знайшлі цела 46-гадовага мабілізаванага з Кургана. Па папярэдніх звестках, ён скончыў жыццё самагубствам.

Пасля гэтага ў Парошыне ўвялі сухі закон, бо «мабілізаваныя пастаянна злоўжывалі алкаголем».

Nashaniva.com