«Медуза»: Масква не гоніцца з афармленнем анэксіі, бо расіяне крайне негатыўна ўспрынялі мабілізацыю

Па словах суразмоўцаў, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта, па замове Крамля ў Расіі ўжо правялі на гэтую тэму закрытае сацапытанне. Яго вынікі уладам не спадабаліся, піша «Медуза».

28.09.2022 / 16:52

Шматкіламетровая чарга з аўтамабіляў на мяжы Расіі з Грузіяй

Прарасійскія адміністрацыі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама акупаваных тэрыторый Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны зрабілі справаздачы аб канчатковых выніках «рэферэндумаў аб далучэнні да Расіі» і ўжо звярнуліся да Уладзіміра Пуціна з просьбай аб «далучэнні» гэтых рэгіёнаў.

Паводле расійскага заканадаўства, для гэтага прадугледжаная наступная працэдура:

Раней СМІ паведамлялі, што ўсе гэтыя працэдуры пройдуць да 30 верасня. Аднак спікер Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка фактычна абвергла гэтыя звесткі, заявіўшы, што сенатары не будуць збірацца на пазачарговыя пасяджэнні, а разгледзяць дакументы аб «далучэнні» тэрыторый на планавай сесіі 4 кастрычніка.

Дзярждума сапраўды рыхтавалася да спешнага разгляду законапраектаў аб анексіі, пра гэта паведамлялі нават дзяржаўныя інфармагенцтвы. Аднак пазней спікер Вячаслаў Валодзін таксама абвясціў, што пасяджэнні па «далучэнні» ўкраінскіх тэрыторыяй пройдуць 3 і 4 кастрычніка.

Як паведамілі крыніцы «Медузы», у Крамлі вырашылі «не прыспешваць падзеі», калі «гэтага не патрабуюць абставіны». «Усё і так будзе далучана. Толькі без спеху», — так фармулююць яны тактыку ўладаў. Паводле іх сцвярджэння, з «далучэннем» украінскіх тэрыторый Масква не стала спяшацца, бо «піяр-эфект ад гэтага будзе амаль нулявы» на фоне мабілізацыі.

Мабілізацыя ж і незадаволенасць ёй — цяпер несумненна галоўная праблема для Крамля.

Па словах суразмоўцаў «Медузы», блізкіх да АП, па замове Крамля ў Расіі ўжо правялі на гэтую тэму закрытае сацапытанне; яго вынікі уладам не спадабаліся (дакладных лічбаў крыніцы не назвалі).

«Скаланула ўсіх [расіян]», — пры гэтым растлумачыла адна з крыніц. Разам з тым суразмоўцы «Медузы», блізкія да Крамля, падкрэслілі, што ўлады ўсё яшчэ спадзяваюцца збіць незадаволенасць. У прыватнасці, для гэтага яны разлічваюць выкарыстоўваць звыклыя інструменты — выступленні прапагандыстаў.

Сярод іншых спосабаў разглядаюцца публічныя разбіральніцтвы ў справах незаконна прызваных грамадзян і вяртанне іх дадому, а таксама пакаранне ваенкамаў.

Нягледзячы на шматлікія паведамленні СМІ, Крэмль, падобна, скарэктаваў свае планы наконт увядзення поўнай забароны на выезд з Расіі мужчын мабілізацыйнага ўзросту. «Недаацанілі плынь [тых, хто выязджае]. Цяпер закрыць межы вельмі складана, — каментуе адзін з суразмоўцаў «Медузы». — На самых папулярных КПП чэргі.

Калі закрыць мяжу, спатрэбяцца тысячы сілавікоў: расчараваныя людзі могуць распачаць спробы прарыву. А столькі лішніх сілавікоў цяпер няма».

Крыніцы «Медузы», блізкія да адміністрацыі прэзідэнта і ўрада РФ, лічаць, што расійскія ўлады не адмаўляюцца ад гэтай ідэі, але пакуль не разглядаюць яе як «працоўны варыянт».

Nashaniva.com