У 2023 годзе дзяржаўны бюджэт зноў будзе дэфіцытным

Бюджэт Беларусі на наступны год плануецца дэфіцытным — як і ў 2022-м. Гэта тлумачыцца тым, што «кан'юнктурныя даходы ад калію і нафты аднаўляюцца не ў поўнай меры». Крыніцы фінансавання дэфіцыту бюджэту на 2023 год ужо вызначаныя, заявіў падчас пасяджэння прэзідыума Саўміна міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.

27.09.2022 / 17:27

Юрый Селіверстаў

«Пэўны памер дэфіцыту будзе, але ён будзе забяспечаны пэўнымі рэсурсамі», — запэўніў Юрый Селіверстаў.

Міністр удакладніў, што папярэдне гаворка ідзе пра сумы ў памеры каля 3-4 млрд рублёў.

«Традыцыйна сацыяльная сфера не будзе абдзеленая. Ёсць заданне па росце аплаты працы. Пакуль папярэдне можна сказаць, што каля 3 млрд рублёў на фонд аплаты працы будзе дададзена», — заявіў Юрый Селіверстаў.

У 2022 годзе быў запланаваны дэфіцыт бюджэту ў памеры 2,8 млрд рублёў. Па выніках дзевяці месяцаў ён складае 2,3 млрд рублёў.

Nashaniva.com