Выставілі на аўкцыён мінскі даўгабуд на Маякоўскага

На аўкцыён выстаўлены недабудаваны комплекс у Мінску, які знаходзіцца па адрасе: вуліца Маякоўскага, 31, піша Realt. Гэты велізарны будынак пачалі будаваць у Мінску каля дзесяці гадоў таму.

26.09.2022 / 16:57

Фота: realt.by

Калі пачалося будаўніцтва, планавалася, што паўстане шматфункцыянальны комплекс, куды ўвойдуць гатэль і розныя гандлёвыя аб'екты. Каркас ўзвялі даволі хутка, але неўзабаве будаўніцтва спынілася. Тэрмінам рэалізацыі праекта значыўся 2015 год, але да яго будаўнікі не справіліся і блізка. 

Пазней змянілася планавае прызначэнне аб'екта — большую яго частку было вырашана аддаць пад медыцынскі цэнтр. Але гэта не прывяло да інтэнсіфікацыі работ, сёння ступень гатоўнасці комплексу ацэньваецца ўсяго ў 27%.

Цяпер аб'ект прадаюць з аўкцыёна. У аб'яве, размешчанай на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне», значыцца, што таргі запланаваныя на 11 кастрычніка. Пачатковая цана — 7 млн рублёў (2,7 млн даляраў). Даўгабуд належыць кампаніі «Лада ОМС-Інжынірынг».

Nashaniva.com