У рысі, якая напала на людзей на Магілёўшчыне, пацвердзілі шаленства

Дыягназ «шаленства» пацвердзіўся ў рысі, якая напала на двух мужчын у Магілёўскім раёне ў чацвер. Пра гэта паведамляе MogilevNews са спасылкай на лекара-эпідэміёлага аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталлю Марозаву.

09.09.2022 / 16:15

Фота ілюстрацыйнае

«Падчас расследавання высветлілася, што ў жывёліны было шаленства, — сказала спецыялістка. — Пацярпелыя шпіталізаваныя, цяпер ім праводзіцца курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства».

Як паведамлялася, раніцай 8 верасня выратавальнікам паступіла паведамленне пра напад рысі на людзей у садовым таварыстве «Пушча» Магілёўскага раёна. Ад укусаў пацярпелі двое мужчын 1956 і 1963 года нараджэння. Людзей шпіталізавалі, а драпежніка забілі.

Чытайце таксама:

Рысь напала на людзей пад Магілёвам. Жывёлу забілі

Nashaniva.com