У Мінабароны Беларусі абвінавацілі Генштаб УСУ ў правакацыі
Памочнік міністра абароны Беларусі па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка назваў сённяшнюю заяву прадстаўніка Генштаба УСУ правакацыяй.
01.09.2022 / 21:27
Валерый Равенка. Фота: БелТА
«Прадстаўнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны распаўсюдзіў заведама ілжывую інфармацыю пра намер Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь захапіць частку тэрыторыі Украіны падчас будучых у верасні камандна-штабных вучэнняў», — напісаў Равенка ў твітары.
Таксама ён заявіў, што Генштаб УСУ недакладна назваў склад удзельнікаў вучэнняў.
Прадстаўнік Генштаба УСУ Аляксей Громаў падчас сённяшняга брыфінгу расказаў пра беларускія вайсковыя вучэнні, запланаваныя на 8-14 верасня. Падчас іх, заявіў Громаў, плануюць адпрацаваць «вызваленне часова акупаваных тэрыторый». На яго думку, гэтымі словамі могуць прыкрываць захоп прымежных раёнаў Украіны ў Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцях.
Таксама ён паведаміў, што ў вучэннях будуць удзельнічаць вайскоўцы з Расіі ды іншых краінаў АДКБ.