Фільм Minsk пратрымаўся ў вольным доступе ў інтэрнэце толькі адзін дзень. Хоць абяцалі на 24
Учора з'явілася інфармацыя, што фільм Minsk пра пратэсты 2020 года можна паглядзець бясплатна і без рэгістрацыі. Такую магчымасць усім ахвотным нібыта падарыў эстонскі стрымінг-сэрвіс ETV, і прапанова мела дзейнічае цягам 24 дзён. І сапраўды, учора і нават сёння раніцай такая магчымасць была. Але пасля знікла.
31.08.2022 / 23:41
«Гэта была памылка эстонскага канала, — патлумачыў сітуацыю па просьбе сайта Reform.by рэжысёр карціны пра беларускія пратэсты Барыс Гуц. — У іх не было правоў на паказ фільма ў Інтэрнэце.Толькі на эстонскім тэлебачанні».
Фільм Minsk — расійска-эстонскі праект. Здымкі стужкі праходзілі ў Таліне, а Эстонскі інстытут кіно выдзеліў на іх 80 000 еўра.
Трэйлер фільма
«У Эстоніі быў кінапракат і паказ на ТБ. У іх былі на гэта правы ў рамках Нацыянальнай прэм'еры», — патлумачыў нюансы Барыс Гуц. Але анлайн-паказ для сусветнай аўдыторыі каманда фільма не планавала.
Цяпер, удакладніў расійскі рэжысёр, рыхтуецца сусветная прэм'ера карціны. А па правілах міжнароднай кінаіндустрыі да сусветнай прэм'еры стужка не павінна дэманстравацца на міжнародную аўдыторыю. І толькі ўжо пасля прэм'еры, адзначае кінематаграфіст, кіно будзе даступнае ў інтэрнэце.