ISW: Пуцін рыхтуе прымусовую асіміляцыю вывезеных у Расію ўкраінцаў, каб сцерці іх нацыянальную ідэнтычнасць

У Расіі рыхтуецца прымусовая асіміляцыя ўкраінцаў праз створаныя «адаптацыйныя цэнтры для мігрантаў». Да такой высновы прыйшлі эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). У сваім новым дакладзе яны спаслаліся на кіраўніка Федэральнага агенцтва па справах нацыянальнасцяў Ігара Барынава. Ён заявіў пра неабходнасць стварэння «адаптацыйных цэнтраў для мігрантаў». На думку амерыканскіх аналітыкаў, стварэнне гэтых устаноў дазволіць Пуціну на законных падставах прымусова культурна асіміляваць украінцаў у Расіі.

31.08.2022 / 11:53

Фота: AP

Напярэдадні на сайце Крамля зʼявілася расшыфроўка размовы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і кіраўніка Федэральнага агенцтва ў справах нацыянальнасцяў Ігара Барынава. Пуцін падтрымаў ідэю стварэння цэнтраў для адаптацыі мігрантаў.

Падчас сустрэчы Барынаў заявіў, што расійская эканоміка мае патрэбу ў прытоку замежнай працоўнай сілы, аднак адзначыў, што вялікая колькасць мігрантаў можа прывесці да змены «этнакультурнага ландшафту», што павысіць рызыку «фармавання анклаваў і росту этнічнай злачыннасці».

Для вырашэння гэтых праблем кіраўнік ФАСН прапанаваў стварыць у Расіі «адаптацыйныя цэнтры», дзе мігранты маглі б даведацца пра мясцовыя традыцыі, звычаі, культуру, а таксама атрымаць прававую і псіхалагічную падтрымку.

Пуцін гэтую ідэю падтрымаў і дадаў, што падобную працу трэба пачынаць яшчэ «на радзіме патэнцыйных мігрантаў».

«Там ніхто не супраць, ніхто не пярэчыць. Наадварот, ва Узбекістане, Таджыкістане, у Кыргызстане — калі ласка, усе яны з задавальненнем гэта робяць. Нам трэба толькі больш актыўна там сябе паводзіць, яны нават у гэтым зацікаўленыя. Яны выдатна аддаюць сабе справаздачу ў тым, што людзі, калі з'язджаюць з радзімы і прыязджаюць да нас, павінны быць адаптаваныя, павінны ведаць нашу культуру, мову, ведаць расійскае заканадаўства», — заявіў Пуцін.

Nashaniva.com