Нельга перасаджвацца за іншую парту, званіць толькі родным: якія правілы прапісалі ў школьным дзяржстандарце

З верасня ва ўсіх школах краіны ўводзіцца Дзяржаўны школьны стандарт. Вось яго асноўныя моманты.

31.08.2022 / 17:42

Гэты дакумент рэгламентуе пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу і ўзаемаадносін вучняў і настаўнікаў.

Напрыклад у ім прапісаныя нюансы карыстання мабільнымі тэлефонамі.

Так, школьнікі падчас заняткаў павінны выключаць гук на тэлефонах і пакідаць іх у спецыяльных скрынках. На ўроку зазірнуць у мабільнік можна толькі з дазволу настаўніка, а на перапынку тэлефанаваць сваякам магчыма толькі ў выпадках неадкладнай неабходнасці. Здымаць на відэа без дазволу настаўніка забаронена.

Калі школьнік парушыць правілы, давядзецца пісаць тлумачальную. Пры паўторным парушэнні тэлефон забяруць і вернуць толькі пасля размовы дырэктара з бацькамі.

Таксама дзецям нельга перасаджвацца за іншую парту без дазволу настаўніка, пакідаць установу адукацыі да заканчэння вучэбных заняткаў без ўзгаднення.

Прапісана, што на ўроках і перапынках нельга гуляць у азартныя гульні і «праводзіць аперацыі спекуляцыйнага характару».

Дзеці таксама абавязаны ўдзельнічаць у мерапрыемствах грамадска карыснай працы.

У дакуменце замацаваны правы і абавязкі педагагічных работнікаў. Напрыклад, прасоўваць здаровы лад жыцця. Нельга займацца рэпетытарствам, калі гэта прыводзіць да канфлікту інтарэсаў.

І ніякай палітыкі.

«Педагагічным работнікам забараняецца выкарыстоўваць адукацыйны і выхаваўчы працэсы ў палітычных мэтах або для прымушэння навучэнцаў да дзеянняў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і актам заканадаўства», — сказана ў дзяржстандарце.

Nashaniva.com