Карусель, тарзанка, трэнажоры. Сям'я ў Маладзечанскім раёне зрабіла незвычайны падворак

На падвор’і Аксаны і Івана Шэкаў, жыхароў вуліцы Сасновай пасёлка Чысць, створаныя арыгінальныя кампазіцыі з камянёў і зялёных насаджэнняў. Яшчэ ёсць міні-парк атракцыёнаў, якія гаспадар зрабіў па ўласных праектах. Пра падвор’е і гаспадароў расказвае «Маладзечанская газета».

31.08.2022 / 11:04

Знаёмства пачалося з букета бэзу

Аксана ў мінулым настаўніца матэматыкі Чысцінскай СШ, Іван працаваў у забеспячэнні, маркетынгавай службе ААТ «Забудова». Яны 36 гадоў разам. Вучыліся на розных факультэтах Мозырскага педуніверсітэта. Аксана родам з Рэчыцы. Іван — з Магілёўшчыны, з-пад Бабруйска. Візуальна адзін аднаго ведалі, а пазнаёміліся толькі на пятым курсе. Аксана з сяброўкай прагульвалася, падышоў Іван, прапанаваў: «Пойдзем рваць бэз!». З таго букета і пачалася іх узаемная сімпатыя, якая перарасла ў каханне.

— Як цяпер памятаю: наша знаёмства адбылося 15 мая, — прыгадвае жонка.

Дом, зручны для жыцця

У Чысць сям’я Шэкаў пераехала пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сыну на той час споўнілася тры гады, дачцэ ўсяго пяць месяцаў.

— Мы жылі ў Рэчыцы. Было маральна вельмі цяжка: баяліся за здароўе дзяцей, якія часта хварэлі. Муж прыносіў з работы дазіметр, часта яго паказальнікі былі вышэйшымі за норму, — расказвае Аксана.

У Чысць Іван прыязджаў па рабоце. І хаця тады пасёлак толькі пачынаў будавацца, ён ацаніў яго перспектыўнасць, зручнае месцазнаходжанне, прыгожую прыроду. Уладкаваўся на працу ў «Забудову», іх сям’і далі пакой у маласямейцы. Жылі з падсяленнем: у адным пакоі іх сям’я, у другім — яшчэ адна. Калі прапанавалі будавацца, рашыліся ўзяць участак, атрымалі ў банку пазыку. Пяць гадоў узводзілі свой дом, у якім большасць работ Іван выконваў сам. Ён не проста прафесіянал, які ведае толк у будаўніцтве, але і вельмі творчы чалавек з вялікімі рацыяналізатарскімі і інжынернымі здольнасцямі.

Двухпавярховы дом атрымаўся прасторным, светлым, і, як адзначаюць самі гаспадары, вельмі зручным для жыцця. У кожны куточак на ўчастку ў 18 сотак муж і жонка ўклалі шмат працы і душы. Экскурсія ў Мосар натхніла Івана на аздабленне падвор’я камянямі: упрыгожыў імі не толькі фундамент, агароджу, іншыя элементы, але і стварыў кампазіцыі з раслінамі. На некаторыя камяні нанёс узоры.

Гаспадары займаюцца садаводствам і агародніцтвам. Разам з традыцыйнымі культурамі ў іх растуць і рэдкія, напрыклад, актынідыя — міні-ківі, якія выдатна выспяваюць у той мясцовасці.

Набрацца мудрасці ў… альтанцы

Каля дома — утульная альтанка, сцены якой зробленыя з драўляных брускоў, злучаных так, што яны як быццам лунаюць у паветры. На іх гаспадар выпаліў розныя афарызмы. Напрыклад, над уваходам размешчаныя словы: «Любі жыццё, і жыццё палюбіць цябе». Прыцягваюць увагу і іншыя словы: «Прыніжэнне — дрэнны выхавальнік», «У Бога няма іншых рук, акрамя тваіх», «Радасць заключаная не ў рэчах, яна — у нас саміх».

Іван Андрэевіч зазначае, што скразнякоў у альтанцы ніколі не бывае, хаця яна і адкрытая. А вось госці бываюць часта. Шмат год гаспадары дома сябруюць з Нінай і Сяргеем Халязнікавымі, Алай і Віктарам Гарбачэнкамі — сем’ямі, якія ў свой час таксама пераехалі ў Чысць з Чарнобыльскай зоны. Па добрай традыцыі на стары Новы год яны з сябрамі абавязкова ладзяць шашлыкі ў лесе, што знаходзіцца літаральна праз дарогу ад дома.

Любяць ездзіць на экскурсіі. У сямейным альбоме шмат здымкаў з розных месцаў Беларусі, са святаў і фестываляў.

Рай для ўнукаў

У Івана і Аксаны двое дарослых дзяцей. Сын Дзяніс — інжынер, жыве з сям’ёй у Рэчыцы. Дачка Галіна — эканаміст-менеджар, з мужам і сынам жыве ў Лагойску.

З нараджэннем унукаў у дзядулі з бабуляй нібыта адкрылася другое дыханне. Унучцы Жэні ўжо сем год, унуку Рому пяць, яны любяць прыязджаць у Чысць. Дзядуля пабудаваў для іх цэлы парк атракцыёнаў — карусель, тарзанку, трэнажоры, горку з пляцоўкай наверсе, маленькія таямнічыя склепы з дзверцамі, у якіх можна схавацца, і многае іншае.

На тарзанцы іншым разам могуць пракаціцца і дарослыя. А заняткі на вулічных трэнажорах, накшталт тых, якія стаяць ля сучасных санаторыяў — выдатны спосаб падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме.

Ва ўсіх гэтых рэчах — мора фантазіі, рацыяналізатарскай думкі, майстэрства, а галоўнае, вялікай любві іх стваральніка да сваіх родных, да прыгожай сядзібы — утульнага радавога гнязда дружнай сям’і.

Nashaniva.com