Упершыню за 30 гадоў у Беластоку не набраўся беларускамоўны першы клас

У беластоцкай школе №4 не набраўся клас з ахвотных вучыцца па-беларуску. Такога не было амаль трэць стагоддзя. Так сталася праз польскае заканадаўства. Яно не ўлічвае дзяцей уцекачоў без грамадзянства, таму беларуская мова нібыта не запатрабаваная, паведаміла «Радыё рацыя» настаўніца школы Аліна Ваўранюк.

27.08.2022 / 19:19

Фота: Belsat.eu

— Ужо некалькі гадоў я пачынаю новы год з вялікай цікавасцю. Цікава, якія дзеці прыйдуць, хто застанецца на гэтых уроках, а хто не. У гэтым годзе меншая цікавасць, бо першага класу ў мяне не будзе, бо няма дзяцей, якія будуць у першым класе ў нашай школе вывучаць беларускую мову. Гэта першы раз за 30 гадоў, калі не знайшлося ахвотных на беларускую мову, — распавяла Аліна Ваўранюк.

Навучанне ў Польшчы арганізуе Міністэрства адукацыі і навукі.

— Паводле законаў, гэта было з самага пачатку, навучанне беларускай мовы вядзецца як навучанне мовы беларускай меншасці. На заняткі ходзяць толькі і выключна дзеці з меншасці, у якіх бацькі маюць польскае грамадзянства. Грамадзянства гэта адно, а нацыянальнасць — ужо іншая справа. Раней гэтага ніхто не пільнаваў, хадзілі дзеці ўцекачоў з Беларусі, хадзілі на заняткі беларускай мовы, і не было ніякіх праблем. Але ўжо ў мінулым навучальным годзе пачалі да гэтага прыглядацца. Паколькі ў Польшчы існуе такая сістэма інфармацыі, польская абрэвіятура SIO, там усё бачна. Калі ў дзіцяці і бацькоў няма гэтага пэсэлю (асабісты ідэнтыфікацыйны нумар — НН), яно як бы не ўваходзіць у гэтую сістэму навучання.

Польскі ўрад дафінансоўвае мову нацыянальным меншасцям, тым, у якіх польскае грамадзянства.

Аліна Ваўранюк мяркуе, што можна паспрабаваць вырашыць праблему.

— Калі маем так многа гэтых дзяцей [беларускіх уцекачоў], а іх вельмі шмат у Беластоку, то калі назбіраюць людзей, подпісы за гэта, гэтую мову і навучанне можна арганізаваць не як мову нацыянальнай меншасці, а проста як мову людзей, якія таксама ў гэтым горадзе працуюць і плацяць падаткі і г.д. Чаму не дапамагаць жыхарам свайго горада? Думаю, што калі б ахвотныя беларусы напісалі ліст, заяву, назбіралі шмат подпісаў, бо гэта ад таго залежыць.

Nashaniva.com