Войскі Азербайджана зайшлі ў Лачын, які 30 гадоў кантралявала Арменія

Азербайджанская армія размясцілася ў Лачыне і сёлах Забух і Сус.

26.08.2022 / 19:12

Азербайджанскія вайскоўцы зайшлі ў горад Лачын, які з 1992 года ў выніку вайны ў Нагорным Карабаху знаходзіўся пад кантролем Арменіі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у твітары.

«Сёння, 26 жніўня, мы, азербайджанцы, вярнуліся ў горад Лачын. Азербайджанская армія размясцілася ў Лачыне. Вёскі Забух і Сус былі ўзятыя пад кантроль. Віншую ўсіх людзей Лачына і Азербайджана з гэтым падзеяй», — гаворыцца ў яго паведамленні.

Раней расійскія вайскоўцы перадалі Азербайджану кантроль над населенымі пунктамі Лачын, Забух і Сус — гэта значыць, фактычна аддалі Баку кантроль над Лачынскім калідорам — адзіным наземным маршрутам, які злучае Арменію з Нагорным Карабахам у тых межах, у якіх ён існаваў у савецкі час як аўтаномная вобласць у складзе Азербайджана. Непасрэднай мяжы з гэтай вобласцю тагачасная Армянская ССР не мела.

У адпаведнасці з пагадненнем, падпісаным паміж Арменіяй і Азербайджанам пасля вайны ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе, абедзве краіны павінны былі пабудаваць дарогі ў абыход Лачынскага калідора на працягу трох гадоў.

Азербайджан ужо здаў свой маршрут у эксплуатацыю і патрабаваў ад Арменіі зрабіць тое ж самае, а ад Расіі — вывесці сваіх «міратворцаў».

Варта адзначыць, што пасля пачатку вайны ва Украіне, Масква была змушаная перакінуць частку «міратворчага» кантынгенту з Нагорнага Карабаха ва Украіну.

Nashaniva.com