Беларускі распрацоўшчык стварыў дадатак з вершамі на роднай мове

На дадзены момант там сабрана больш за 80 аўтараў і 11 тысяч вершаў.

24.08.2022 / 12:19

Мабільны дадатак выпушчаны для айфона. Спампаваць яго можна бясплатна.

Яго стварыў мабільны распрацоўшчык Дзіоніс Брэк. Над праектам хлопец працаваў тры тыдні па выходных. Гэта не першы яго дадатак.

«Пачыналася ўсё з «Прыказак Лагойшчыны» 10 год таму. Па тэматыцы беларускай мовы я яшчэ рабіў вершы Якуба Коласа і буквар для беларускамоўных дзетак», — дзеліцца Дзіоніс.

Штуршком да праекта з вершамі стаў пост у твітары. Хлопец выклаў скрыншот дадатка пра Якуба Коласа і напісаў, што калі гэты твіт збярэ 200 лайкаў, то ён выпусціць мабільны дадатак з вершамі. Пост у выніку сабраў амаль 870 падабаек.

«Мне падабаецца, што ў твітары есць вялікая супольнасць беларускамоўных людзей. Узнікла ідэя, што дадатак з вершамі можа быць карысным тым, хто робіць першыя крокі на роднай мове. Шмат твораў, якія былі напісаныя 100 год таму нашымі пісьменнікамі, не губляюць актуальнасці і зараз», — кажа Дзіоніс.

Чым цікава праграма? Там можна выбіраць творы канкрэтнага аўтара або прасіць іх выдаваць рандомна. Ёсць і класікі, і сучасныя паэты (напрыклад, Усевалад Сцебурака, Адам Глобус, Наста Кудасава, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч).

Можна таксама паставіць апавяшчэнне — і дадатак будзе дасылаць вам штодзень новы верш. А таксама можна рабіць закладку з абранымі творамі.

Nashaniva.com