Беларуская вайсковая дэлегацыя прымае ўдзел у «першым міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Падмаскоўі

Беларускія вайскоўцы прымаюць удзел у «першым міжнародным антыфашысцкім кангрэсе», які праходзіць у падмаскоўным парку «Патрыёт» у рамках Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму «Армія-2022».

20.08.2022 / 19:57

Усе фота: Мінабароны РБ

Узначаліў беларускую дэлегацыю памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных Сілах—начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Леанід Касінскі.

Форум, паведамляе Мінабароны, накіраваны «на супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі і гераізацыі нацызму».

Мерапрыемства мае антыўкраінскую і антызаходнюю накіраванасць. 

Кангрэс пачаў сваю працу з пленарнага паседжання, на якім выступіў Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Ён прапанаваў удзельнікам форума абмеркаваць прычыны ўзнікнення неанацызму ў сучасным свеце і спосабы супрацьдзеяння яму.

Так, ён заявіў, што ідэя забароны ўсім расійскім грамадзянам уезду ў краіны Еўразвяза зʼяўляецца праявай нацысцкай палітыкі.

«У Эстоніі і Латвіі сталі традыцыйнымі маршы легіянераў СС, ваенным злачынцам усталёўваюцца помнікі і абеліскі. На вуліцах гарадоў Літвы адкрыта гучаць нацысцкія лозунгі і заклікі», — сказаў кіраўнік расійскага абароннага ведамства.

Nashaniva.com