«Расія ўзначальвае працэс вываду з дэградацыі». Расійская Ярмошына прыйшла да Пуціна з брошкай у выглядзе літары Z ФОТАФАКТ

У пятніцу прэзідэнт Расіі сустрэўся са старшынёй расійскага Цэнтрвыбаркама Элай Памфілавай. Яна прыйшла да Пуціна з брошкай у выглядзе сімвала расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.

20.08.2022 / 12:47

Памфілава распавяла Пуціну пра так званы «адзіны дзень галасавання», які мае адбыцца 11 верасня. Па яе словах, перадвыбарная кампанія ў Расіі ідзе «поўным ходам» і «без усялякага роду збояў», а розныя палітычныя сілы дэманструюць салідарнасць у падтрымцы «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

«Важна сабрацца нам усім у кулак, каб перамагчы тых, хто практычна завёў чалавецтва ў тупік, пазбавіўшы яго ўвогуле магчымасці натуральнага развіцця. Гэта значыць, чалавецтву пакінуты імі адзін шлях — дэградацыя. І зразумела, што Расія ўзначальвае працэс вываду з гэтага тупіку, і ўсе людзі, не толькі ў Расіі, многія гэта разумеюць. Я думаю, што ў гэтым нашая сіла. І я хачу падзякаваць прадстаўнікам нашых палітычных партый за тое, што яны ў гэтым адзіныя. Трэба спачатку перамагчы, а потым разбірацца ў сваіх нюансах і ў тым, што нас падзяляе», — заявіла Памфілава.

Раней крыніцы выдання «Медуза» паведамілі, што ў рамках адзінага дня галасавання Крэмль планаваў правесці рэферэндумы аб далучэнні акупаваных тэрыторый Украіны да Расіі. Але з-за таго, што расійскае войска перастала прасоўвацца ў Данецкай вобласці, рэферэндумы могуць перанесці на зіму.

Nashaniva.com