Украінцы на сабраныя грошы купілі спадарожнік для здымкі мясцовасці з найвышэйшым разрозненнем

Дабрачынны фонд Сяргея Прытулы на грошы, сабраныя ў рамках праекта «Народны «Байрактар», набыў спадарожнік, які дасць магчымасць атрымліваць дэталёвыя здымкі зямной паверхні незалежна ад часу сутак і ўмоў надвор'я.

18.08.2022 / 18:30

Фонд паведамляе, што падпісаў дамову з кампаніяй ICEYE, якая надасць міністэрству абароны Украіны поўны доступ да сваёй групоўкі спадарожнікаў SAR. Гэта дазволіць узброеным сілам атрымліваць спадарожнікавыя выявы крытычна важных месцаў з высокай частатой паўторных наведванняў.

На здымках у мікрахвалевым дыяпазоне можна адрозніць нават асобных людзей дзякуючы звышвысокаму разрозненню да 25 см на піксель.

Першапачаткова сродкі былі сабраныя пры дапамозе краўдфандынгу для пакупкі трох беспілотнікаў «Байрактар», якія турэцкі вытворца ў выніку вырашыў перадаць Украіне бясплатна.

Nashaniva.com