Віталь Клічко разводзіцца з жонкай пасля 26 гадоў шлюбу
Мэр Кіева Віталь Клічко разводзіцца са сваёй жонкай Наталляй амаль праз 26 гадоў шлюбу. Развод з'яўляецца жаданнем абодвух бакоў.
15.08.2022 / 09:51
Пра гэта мэр Кіева распавёў у інтэрв'ю выданню «Бабель».
«Гэта не сакрэт, што мы шмат гадоў жывём не толькі ў розных гарадах, але і ў розных краінах [Жонка Клічко жыве ў Нямеччыне, — НН]. Многія гады — розныя інтарэсы, рознае жыццё. І мы вырашылі ўжо аформіць гэта афіцыйна», — сказаў Віталь Клічко.
Па яго словах, развод — гэта «жаданне абодвух бакоў».
«У нас засталіся добрыя адносіны, мы паважаем адзін аднаго, дзеці ўжо дарослыя, і жыццё працягваецца», — сказаў мэр украінскай сталіцы.
На пытанне пра тое, ці свабоднае яго сэрца, мэр адказаў: «Яно занятае Кіевам. Як тебе не любити, Києве мій?»