Збілі наркакур’ерку і вырабілі порна з непаўналетняй. «Прыгоды» навучэнцаў Гомельскай кадэцкай вучэльні

Цэлы шэраг злачынстваў здзейснілі двое вучняў Гомельскай кадэцкай вучэльні. Пра гэтыя выпадкі ў агульных рысах напісала мясцовая прэса з паседжання камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама.

13.08.2022 / 19:15

«Кадэты збілі курʼерку, якая выкрала закладку, падпалілі дзверы іншаму такому ж дастаўшчыку. Пазней адзін з хлопцаў вырабіў парнаграфічнае фота і відэа з удзелам непаўналетняй, знішчыў пашпарт дарослага мужчыны, выкраў яго пярсцёнак і зарадную прыладу».

Падчас вобшуку ў хлопцаў знайшлі пнеўматычны пісталет і зарады да яго, балаклавы, банкаўскія карткі і будаўнічыя пальчаткі: «усё, што выкарыстоўваюць для ўчынення злачынства».

Таксама былі знойдзены відэаматэрыялы, якія паказваюць распіццё алкаголю і збіццё малодшых курсантаў у сценах вучылішча. Пра гэтыя факты праваахоўнікам ніхто не паведамляў.

«Нарабілі спраў на пяць крымінальных артыкулаў», — піша выданне.

Калі адбываліся гэтыя выпадкі, невядома.

Nashaniva.com